Гэта кніга складаецца з трох казачных гісторый. А аб’ядноўваюцца яны тым, што ў кожнай з іх дзеючыя асобы — жыхары вадаёмаў. Магчыма, таму, што аўтарка нарадзілася і вырасла ля возера, якое дагэтуль лічыць найпрыгажэйшым у Беларусі. Водная прастора заўсёды захапляла яе. Пісьменніца любіла доўга-доўга ўглядацца ў глыбіні, уяўляючы сабе жыццё падводнага свету. Ёй заўжды было цікава паглядаць на сусвет не толькі сваімі вачыма, бо вакол кожную хвіліну адбываецца столькі цудаў, на якія чалавек часам не звяртае ўвагі. У выніку з’явіліся вось гэтыя казачныя гісторыі. Дарэчы, не ўсё ў іх — мастацкі вымысел. Але што да чаго ты і сам, дарагі чытач, зразумееш, калі пазнаёмішся з героямі: вадзянікамі, якія ладзілі ў возеры Доўгім атракцыёны; бабрынай сямейкай, што шануе Чырвоную кнігу Беларусі; і Наядай марской, якая дзеля салаўіных песень перабралася жыць з мора ў нашыя вадаёмы.